БА́ЗА ВАЕ́ННАЯ,

спецыяльна абсталяваная тэрыторыя для размяшчэння на ёй войскаў, ваен. тэхнікі, запасаў матэрыяльных сродкаў і інш. Базы ваенныя ствараюцца на ўласнай тэр. і тэр. інш. дзяржаў у стратэгічна важных раёнах свету з мэтай забеспячэння вядзення ваен. дзеянняў. Падзяляюцца на ракетныя, авіяцыйныя, ваенна-марскія, сухапутных войскаў і агульнага прызначэння. Шмат баз ваенных мелі за межамі сваіх тэрыторый ЗША і інш. дзяржавы. З канца 1980-х г. іх колькасць пачала скарачацца паводле шэрагу міжнар. пагадненняў. У складзе б. СССР Беларусь мела значную колькасць баз ваенных (у тым ліку стратэгічнага прызначэння). Пасля яго распаду ідзе скарачэнне і ліквідацыя баз ваенных на яе тэрыторыі, застаюцца толькі тыя, якія адпавядаюць ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)